ў словах „Ми́ръ всѣ́мъ“ выказваючы сваю веру ў Бога, пяюць „Вѣ́рꙋю во є҆ди́наго Бо́га“, і заклікаюцца стаяць у царкве добра, багабойна, з думкай у сэрцы аб Богу.
3.Асьвячэньне Дароў — найважнейшы момант літургіі. Яно пачынаецца словамі: „Благодаримъ Го́спода“, пакланеньнем Госпаду разам з Хэрувімамі і Сэрафімамі, сьпяваючымі „Свѧ́тъ, Свѧ́тъ, Свѧ́тъ Госпо́дь Савао́ѳъ“, і складаецца — 1) з успаміну Тайнай вячэры, калі Хрыстос першы раз даў вучням Прачыстае Цела і Кроў Сваю, кажучы: „Прїими́те, ꙗ҆ди́те: сїѐ є҆́сть тѣ́ло Моѐ“ і „Пі́йте ѿ неѧ̀ всѝ сїѧ̀ є҆́сть Кровь Моѧ̀“, 2) з прызываньня Сьв. Духа на Дары (сьвяшчэньнік у гэты час моліцца з паднятымі рукамі, і 3) з багаслаўленьня Сьв. Дароў, калі яны асьвячаюцца, так што хлеб становіцца Целам Хрыстовым, а віно — Крывёю Хрыстоваю. Пасьля асьвячэньня Дароў памінаюцца ўсе сьвятыя на небе, разам з Маткаю Божай, і ўсе, што жывуць на зямлі, праваслаўныя хрысьціяне.
Каб усе, хто ў царкву ня прыйшоў, ведалі, што творыцца асьвячэньні Дароў, і ў гэты час самі маліліся дома, бывае асобны звон, званы звонам „на Вѣрую“.
4.Па асьвячэньні Сьв. Дароў, верныя, што былі ў споведзі, гатовяцца да сьв. прычасьця, просячы ў Бога дараваньня грахоў і розных міласьцяў словамі: „Пода́й, Го́споди“ і малітваю Гасподняю „Ѻ҆́тче на́шъ“.
5.Пасьля гэтага царскія дзьверы засланяюцца заслонай на ўспамін сьмерці і паграбеньня Іісуса Хрыста. Сьвяшчэньнік тым часам прычашчаецца ў аўтары, гатовячы прычасьце для рэшты спаведнікаў. Калі скончыць, завеса адсланяецца, адчыняюцца царскія дзьверы, прычым успамінаецца ўваскрасеньне Хрыстовае, і выносяцца Сьв. Дары з аўтара з заклікам да спаведнікаў: „Со стра́хомъ Бо́жїимъ и҆ вѣ́рою пристꙋпи́те“.
Праслухаўшы малітву перад прычасьцем і зрабіўшы паклон, спаведнікі, злажыўшы нахрэст рукі, багабойна падыходзяць да сьв. чашы і прычашчаюцца самога Прачыстага Цела і Крыві Госпада нашага Іісуса Хрыста дзеля ачышчэньня ад грахоў і жыцця вечнаго.
Выхад сьвяшчэньніка з чашаю і заклік прыступіць да прычасьця напамінаюць уваскросшага Хрыста, як Ён зьявіўся вучням Сваім.