адказаў: «Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, дык хоць-бы хто з мёртвых уваскрос, не павераць».
Прытча аб мытару і фарысэі.
Фарысэй і мытар увайшлі ў царкву памаліцца. Фарысэй, стоячы наперадзе, каб усе яго бачылі, маліўся
гэтак: „Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя
людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытар“. А мытар, стаўшы здалёк, не адважваўся нават
падняць вачэй на неба, але б’ючы сябе ў грудзі, гаварыў: „Божа! будзь міласьцівы да мяне грэшнага“.
Бог прыймае толькі малітву шчырую, якая йдзе ад
сэрца. Вось чаму Хрыстос і кажа: „Мытар пайшоў
апраўданым хутчэй, чымся той, бо ўсякі, хто сябе вывышшае, будзе паніжаны, а паніжаючы сябе ўзвысіцца“.
Мы не павінны, як той фарысэй выхваляцца сваімі добрымі паступкамі, сваёю праведнасьцю і пагарджаць іншымі людзьмі. Фарысэі ўсё рабілі напаказ, — лічылі, што
яны лепшыя і сьвяцейшыя за ўсіх людзей. Наадварот,
мытары лічыліся ў грамадзянстве вялікімі грэшнікамі
(падчас зьбіраньня падаткаў часта крыўдзілі народ), тым
часам вось гэты, эвангельскі, аказваецца ў вачох Божых больш апраўданым, чымся фарысэй.
Багаславеньне дзяцей.
Аднаго разу, калі Іісус Хрыстос вучыў народ, да
Яго праціскаліся праз натоўп жанчыны з дзяцьмі, каб
Ён дакрануўся да іх і ўсклаў на іх рукі. Вучні Яго, бачачы гэта, забаранялі ім, каб дзеці ня трывожылі Госпада. Але Ісус Хрыстос абурыўся на вучняў і, паклікаўшы дзяцей, сказаў: „Пусьцеце дзяцей прыходзіць да
Мяне, і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства
Божае. Запраўды кажу вам: хто ня прыйме Царства
Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго“. І абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
За што дзеці заслужылі ласку Госпада і абяцаньне Царства Божага? Толькі за свае чыстыя, беззаганыя сэрцы. І ўсякі, хто шукае Царства Божага, павінен
мець, падобна да дзяцей, чыстае, незласьлівае сэрца.