Першыя вучні Іісуса Хрыста.
Пасьля 40 дзённага посту ў пустыні, Іісус Хрыстос прыйшоў на бераг Іордану, дзе хрысьціў Іоанн. Убачыўшы Іісуса, Іоанн адкрыта перад усім народам засьведчыў, што Іісус Хрыстос ёсьць Мэсія, Сын Божы: „Вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе грахі ўсяго сьвету“.
Гэтае сьведчаньне чулі вучні Іоанна. Два з іх, Андрэй і Іоанн, уверавалі ў Іісуса, і пайшлі за Ім. Гэта былі першыя вучні Хрыстовы, — вось чаму Андрэй празваўся „першазваным“. Потым Андрэй прывёў свайго брата Сімана, якога Іісус Хрыстос назваў Пятром, што значыць „камень“. Лік вучняў Іісуса Хрыста з часам павялічваўся. З іх пазьней Іісус Хрыстос выбраў 12 і назваў іх апосталамі, г. зн. пасламі, бо Ён пасылаў іх для пропаведзі Свайго вучэньня. На апосталаў Іісус Хрыстос абраў не знатных, багатых ці адукаваных людзей, а самых простых і бедных, якія адзначаліся глыбокай верай і адданнасьцяй Свайму Вучыцелю. Вось імёны 12 апосталаў: Андрэй, ягоны брат Сіман, які зваўся Пятром, Якаў і Іоанн, Піліп і Баўтрамей (Нафанаіл), Мацьвей і Фама, Якаў Алфеяў і Сіман, празваны Зілот, Юда Якаўлеў і Юда Іскарыёт, які пасьля прадаў Хрыста.
Першае чудо ў Кане Галілейскай.
Іісус Хрыстос і вучні Яго былі па запросінах на вясельлі ў Кане Галілейскай, недалёка Назарэту. Была там і Маці Яго. Падчас вясельля не хапіла віна. Даведалася аб гэтым Маці Іісусава і сказала Сыну. Слугам-жа загадала рабіць усё, што Ён скажа. А стаяла ў хаце шэсьць каменных судзін з вадою для амываньня