Перайсці да зместу

Старонка:Першая беларуская паэтэса (Клімковіч).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чым-жа заслужыла Цётка такую высокую пахвалу, такое шчырае і далёка ідучае прароцтва ад Янкі Купалы?

Перш-на-перш тым, што Яна належала да слаўнай плеяды сапраўды народных пісьменнікаў-дэмакратаў, для якіх літаратура была формай служэння народу, формай актыўнага змагання супроць яго прыгнятальнікаў і ў соцыяльным і ў нацыянальным плане. Цётка належала да той рэволюцыйна-дэмакратычнай плыні ў беларускай паэзіі, якую распачаў Францішак Багушэвіч, паслядоўнік і прадаўжальнік у беларускай літаратуры традыцый некрасаўскай паэзіі і паэзіі Шэўчэнкі. Сама Цётка добра разумела гэта і свядома выбрала такі шлях. У прадмове да «Скрыпкі беларускай» яна пісала (у мэтах канспірацыі — ад мужчынскай асобы): «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова «тутэйшы» мне неяк не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся, то на ту, то на другую старану, аж покі не папала мне ў рукі «Дудка» Мацея Бурачка, яна то мне сказала, што, хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыць ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, той беларус. Прачытаўшы тую «Дудку», я сказаў: дзякую табе, М. Бурачок, чэсць і слава твайму слову. А ты, дудка, грай і мне голас дай. З таго дня пачаў і я майстраваць інструмент. Вышла з-пад рук скрыпка». Праўда, гэта сімвалічная назва не зусім падыходзіла да тых твораў, якімі распачала сваю паэтычную дзейнасць Цётка. Гук яе песняў хутчэй быў гукам гарніста, які абуджаў народ, каб ісці ў вялікі паход, у бой за вызваленне. Яе першыя вершы нездарма друкаваліся, як рэволюцыйныя пракламацыі соцыял-дэмакратычнай арганізацыі Вільні. Нездарма ў яе «Моры» чуўся водгук на «Буревестник» Максіма Горкага. Нездарма, нарэшце, яна выступала з сваімі вершамі на мітынгах, часамі проста на базары, перад натоўпам сялян, або на рабочым сходзе.. Назвай свайго зборніка яна адклікалася на «Дудку беларускую» і «Смык беларускі» Багушэвіча ў тым сэнсе, што яна прымала яго эстэтычныя погляды, яго разуменне задач і ролі паэзіі, а адсюль-прымала і яго паэтычныя сродкі: народную прастату мовы, блізкасць яе да жывой народнай гутаркі, часамі нарачытую грубасць асобных зваротаў, суровую праўдзівасць сказа. Яна ішла далей Багушэвіча ў прымяненні гэтых сродкаў, бо час яе быў інакшым: наспела народная рэволюцыя 1905 года, мастацкае слова станавілася зброяй паўстаўшага пролетарыята. І Цётка смела пайшла насустрач патрабаванню часу. Яе «Прысяга над крывавымі ра-