Перайсці да зместу

Старонка:Першая беларуская паэтэса (Клімковіч).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Рваць ланцуг цемнаты», - зрабіць так, каб народу лягчэй жылося, - вось чаго імкнецца яна ў родны край з далёкай чужыны:

Як птушка на скрыдлах, ляцець-бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да іх!
Узнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары-бы ветрам сказала я гнаць.
Далёка, далёка, дзе сняцца мне чары.
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць.

З чужыны»).

І вось толькі ў 1912 годзе Цётка атрымоўвае магчымасць прыехаць на радзіму. З вялікай энергіяй бярэцца яна за працу: супрацоўнічае ў «Нашай ніве», арганізоўвае нелегальныя беларускія школы, складае і выдае «Першае чытанне для дзетак беларусаў», рэдагуе першы часопіс для моладзі «Лучына», піша апавяданні, наязджаючы нелегальна ў Пецярбург, выступае на студэнцкіх вечарах і сходках.

Але сілы паэтэсы надарваны, і з-пад яе пяра часцей і часцей вырываюцца апавяданні, поўныя думкамі аб смерці, аб непазбыўных пакутах. Толькі і ў гэтых апавяданнях б'ецца жывая любоў да чалавека. Варта ўспомніць апавяданне «Міхаська», аб смерці забітага, усімі пакрыўджанага хлопчыка-сіраты, які перад сконам знайшоў найвялікшую прывязанасць да жорава і гэтай любоўю заваяваў любоў сваіх таварышоў і прымусіў памякчэць самыя чорствыя сэрцы. Гэтае апавяданне нагадвае старагрэцкую легенду аб івікавых журавах, і чытач, які прачытае апавяданне Цёткі пра журавоў, калі яны лятуць у вырай ці з вырая, звяжа паміж сабой гісторыю забойства старажытнага паэта-лірыка ў VI веку да нашай эры івіка і смерць беларускага вясковага хлопчыка, чый вобраз напісан паэтэсай з такой балючай акрэсленасцю і праўдзівасцю. Апавяданне «Лішняя» - прымушае чытача, бачучы нават самае светлае шчасце, азірнуцца і пашукаць, ці няма такога чалавека, на няшчасці якога пабудавана гэта шчасце, каб суцешыць яго, спыніць яго боль і адчай. Апавяданне «Зялёнка» - нягледзячы на сум, якім яно пранізана суцешыць чалавечае сэрца глыбокімі пачуццямі салідарнасці, якія існуюць не толькі паміж студэнтамі і паміраючай сяброўкай, але і з тымі барацьбітамі за рэволюцыю, якія апынуліся ў Сібіры і дзеля якіх студэнты, адрываючы самім ім неабходныя на поўгалоднае існаванне грошы, збіраюць сродкі, каб падтрымаць іх, як членаў вялікай сям'і аднадумцаў, змагароў за народ.