Старонка:Пернік (1927).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А, Матанькі вы мае! — разказвае суседкам Мар’я - і не даведалася я, за што і як? Сьпярша гэта Судзьдзя нешта нагаварываў мяне: прасі, кажа, умарыць! Я — не разумею. Які Пернік? Каго умарыць? І што за эксія нейкая— Ня ведаю такіх я! А пасьля крычэць пачаў. Ну, думаю прапала мая галованька! Перажагналася ў душы: воля Божая! А тут нехта падзказвае з публікі: — прасі, прасі! — кажа. Ну я і кажу: Але, пан, Судзьдзя! прашу вашае ласкі!… А ён кажа:

— Справа кончана! ідзі да хаты!

Спрабавала я яшчэ папытаць, вывялі мяне… і што і як — зусім ня ведаю…

— Цётка, а цётка? Як-жа там у цябе з Пернікам? Умарыла яго ці сваю нейкую эксію? А мо‘ Пернік у нагароду табя прызначаны быў? сьмяяліся з Мар‘і вясковыя жартаўнікі.


Праз некалькі тыдняў да Мар‘і завітаў ізноў солтыс:

— Плаці, цётка, 10 зл.

— Як? за што? чаму? спалохалася Мар‘я.

— Ды вось Судзьдзя аштрафаваў цябе… за няяўку.

— Як-жа-ж так? Я-ж была там… Ён сам падгаварваў умарыць нейкую Эксію… Ізноў з Пернікам…

— Нічога ня ведаю! — Плаці, а то апісваць рэчы прыдзецца.

— Ды як-жа так? Ды што-ж гэта, горачка мае!!