Старонка:Пернік (1927).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лідору — так сьвірэпна ды сур’ёзна глядзеў на ўсіх — што… не адважылася…

— Proszę do sali! аб’явіў нейкі панок у куртцы з гузікамі, адчыняючы дзьверы.

Мар’я ўвайшла за другімі. Спынілася ля гэтага пана з гузікамі, думала распытаць яго:

— Чыноўнік-жа судовы як відаць… ведае.

Але і той, як і паліцыянт, а мо’ і болей яшчэ — такі меў надуты ды важны выгляд.

А яна — абвінавачаная…

Села ціханька у кутку. Дрыжыка працяла…

— Sąd idzie! proszę wstać! абвесьціў пан з гузікамі.

Заля ўздрыганула, ўстала як адзін чалавек.

Пачаўся разбор справаў.

У той самы дзень Суд, паміж іншымі справамі, меў справу нейкага Мордуха Перніка таксама з Мар’ей Балаш. Але ня нашай, другой нейкай. Справа йшла аб эксмісіі (высяленьні з кватэры). Гэтая справа пайшла аднэй з першых. Але Пернік з сваёй Мар’ей памірыліся да Суду. І, па нарадзе адваката — рашылі не зьяўляцца на Суд:

— Хай справу спыняюць! дагаварыліся яны.

— Sprawa z powództwa Piermika przeciwko Marji Bałasz o eksmisję! аб’яўляе Судзьдзя. Morduch Piernik i Marja Bałasz! вызывае Судзьзя.

— Мар’я Балаш… гэта я… ўздрыганула нашая кабеціна.