Перайсці да зместу

Старонка:Пела вясна (1925).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАЦЬКАЎ СЫН

Увечары, як Сьцёпка ўпарадкаваў скаціну і, змораны дзённай працай, уваліўся ў сваю мізэрную хатку, маці сказала яму:

— Хоць-бы ты, сынок, да таткі даведаўся,занёс яму што-колечы. Мо‘ галадуе тамака ў лесе?

Гаварыла старая ціхім, прытоеным голасам, быццам баялася, каб хто не падслухаў. Сьцёпка таксама ёй адказаў:

— Мамка! Змарыўся я, ног пад сабой ня чую.

А ў думках мігнула:

— Лес, нетры… могільнік па дарозе… Страшна…

Здрыгануўся міжвольна, А матка больш не настайвала. Уздыхнула цяжка, глыбока.

— Як сабе хочаш, сынок…

Колькі ціхай пакоры ў сумным матчыным голасе, колькі журбы нявыводнай!.. Ах, нашто яна так, лепей-бы сварылася, дык упяўся-б, не пашоў на наругу. А так — няма сілы, каб не пайсьці. Хоць і страшна, хоць і жудасьць хапае пры думцы аднэй…