— Ці згуляе, ці не?
Хочацца Асначу ў шашкі пагуляць, дужа хочацца. Шашкі — гэта-ж яго ўцеха найпершая… Пэўна, гуляе пан, але ці згодзіцца? А цікава было-б з ім…
Ён абярнуўся да пана, і той, быццам схапянуўшыся, зірнуў на яго чакаючым поглядам.
— Можа згуляем партыю? — запытаўся Аснач.
— Давайце.
Узяў нейкую паперку з вакна і пачаў таксама, як і Аснач, гатаваць шашкі.
Расстанавілі — Аснач хлеб свой пакрышаны, а пан кавалкі паперы.
Чамусьці раптам заціхлі ўсе ў хаце. Армейцы падсунуліся бліжэй, глядзелі з цікавай усьмешкай.
Пачалася гульня. Вострая, едкая ціша агарнула хацёнку. Настойным, назольлівым гнётам павісла пытаньне:
— Хто каго?
Глядзела гэта пытаньне з цікавых вачэй армейцаў, з маўкліва-ўпятага ў шашаніцу погляду гаспадара. І, нават, гаспадыня, сноўдаючыся па хаце, часам падыходзіла да стала і зазірала на шашкі, хоць і не разумела ў іх нічагутка.
Аснач насупіўся. Упарта глядзеў на дошку, асьцярожна, зважна перастаўляў кавалачкі хлеба, і чым далей, тым больш і больш