Старонка:Па беларускім бруку (1925).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДРУКАР

І дзень і ноч дрыжыць ліхтар,
сьвінцовы пыл у вокны звоніць.
Над касай весела друкар
трымае літары ў далоні.

Кладзе ў радкі, бы мосьціць брук:
за словам, слова; так артыкул
Вясёлай песьняй творыць друк,
але баліць рука-матыка.

І дзень і ноч машынаў гул
цалуе горача рабочых.
Таму руку, таму нагу
прыцісьне й радасна рагоча:

— Станок заменіць соткі рук, —
што робіш ноч, ён дасьць хвілінай…
Гэй ты, крылаты вольны друк,
цябе вітаю я, машына!

Студзець 1924 г.