Старонка:Паўстанцы (1925).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Падымаецца заслона. Цёмна. Толькі чуцен голас-кліч

Б‘юць званы новых дзён,
гэй, бедната, слухай!

Надыходзе час помсты,
паўстаць надыходзе час!
Помсту шрапнэляй гострай
кідай паном з пляча.

Ня плач сьлязою цноты,
ня згінайся ў паяс бядзе.
Беларусь — не стаячае балота,
ў Беларусі — ня ў ціхай вадзе.

Выходзь з падвалу-падпольля
на шырокі, на вольны шлях.
Уздыхне з размахам прывольля
Беларусі заходняй зямля!

Селянін — выходзь з сякерай,
рабочы — молат бяры!
Узламайце скаваныя дзьверы —
там чырвань новай зары.