——— 53 ———
АДОЛЬФ. А панна Паўлінка ўсё камплімэнты мне гавора.
ПАЎЛІНКА (у старану публікі). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
АЛЬЖБЕТА (да Сьцяпана, каторы клюе носам за сталом). Што бы табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта-ж табе тут не карчма.
СЬЦЯПАН (сонна). Каханенькая-родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон някепская рэч. Для чаго Калядкі — добрыя сьвяткі, што пад’еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа). Каханенькі-родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкарну трохі… Сягоньня яшчэ досьвата мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану). Ну што? Як мая Паўлінка… падышла пад мысьль?
АДОЛЬФ. О, важная маладзіца. Хоць сягоньня гатоў з ею жаніцца.
СЬЦЯПАН. Ну, так тупай каля яе; толькі сьмела: яна дзеўка падатлівая, хоць можа і мае трохі якіх мухаў у носе.
АДОЛЬФ. Хэ-хэ-хэ! Як усякай патраплю падлізацца.
СЬЦЯПАН. Ну, дык падлізывайся, каханенькі-родненькі! (Прашчаецца і ідзе ў бакоўку).
Зьява VII-ая. Паўлінка — Адольф — Альжбета.
АЛЬЖБЕТА (сьціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа ў карты пайграеш з панам Адольфам?
АДОЛЬФ (закурываючы). Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.
ПАЎЛІНКА. Ці-ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце ня жартачкі!…
АДОЛЬФ. О, конь мой добры!