——— 52 ———
АЛЬЖБЕТА (да Агаты). Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ня кажа. (Да Паўлінкі). Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала!
ПРАНЦІСЬ. Собственно, ці сьвіньні елі, ці шляхта папасывалася — гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане добрудзею.
ПАЎЛІНКА. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа). А пан Адольф мне паможа?
АДОЛЬФ. Калі патраплю, дык чаму-ж не? (Прыбіраюць са стала; начыньне стаўляюць на табурэце каля самавару).
АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.
ПАЎЛІНКА. Усё роўна; я посьле занясу сама, а цяпер… (Паглядаючы плутавата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісьці адна на тую палавіну: ён такі да ўсяго мае імпэт…
АДОЛЬФ (нясучы пасудак, у старану публікі). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.
ПАЎЛІНКА (ідучы к сталу, у старану публікі). І собіла-ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!
ПРАНЦІСЬ (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане добрудзею.
АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.
АГАТА (да Пранціся). А ты „старожа“, не мялі попусту, а думай, як да хаты ісьці!
ПРАНЦІСЬ. Пане добрудзею, дык і пойдзем; што-ж там, собственно, такое? (Прашчаюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала).
Зьява VI ая. Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета.
ПАЎЛІНКА. Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як! (Паказывае). Ну і зграбны-ж! не раўнуючы — як вол да карэты.