——— 27 ———
ПРАНЦІСЬ (дастаючы фляжку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане добрудзею.
АГАТА (падбягаючы к Пранцісю з кулакамі). Дык чаго-ж ты, тудэма-сюдэма, несьвянцоная костка, расьсеўся, як у сваей хаце?
ПРАНЦІСЬ (пацягіваючы з бутэлькі). Глупство, глупство, вось-цо-да. Пасьвеньцім, собственно, пане добрудзею, калі несьвянцоная.
АГАТА (хоча вырваць фляжку, Пранцісь не дае). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высьвенчу гэтай фляжкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты „вось-цо-да“. (Галосячы). А Божа-ж мой, бацюхна мой! На што мяне пакараў гэтым, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтым недарэкай, гэтым кукса-мордай, гэтым... гэтым...
Зьява XIII-ая. Тыя-ж і Альжбета.
АЛЬЖБЕТА (ўбягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут нарабілася, мае міленькія?
ПАЎЛІНКА. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложку і шые
АЛЬЖБЕТА (да Пранціся). Дык чаго-ж, сватка, чакаеце? Бяжэце скарэй дамоў, — пэўне там; гэта-ж ей не пяршыня.
АГАТА. Ці-ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца? Сядзіць-жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.
СЬЦЯПАН (закурываючы люльку). Супакойцеся, свацьця. Ня дзе яна дзенецца. Каханенькая-родненькая, яна дома, напэўна дома.