——— 13 ———
ся) . Ой! Недзе туркоча! Ці ня едуць толькі нашы з торгу?
ЯКІМ (прыслухаўшыся). Такі-ж нехта едзе.
ПАЎЛІНКА (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць — фырр!
ЯКІМ (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш — трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта ня родзяцца на сьвет дочкі без бацькоў?...
ПАЎЛІНКА (устаючы). Ах, чуць не забылася! Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?
ЯКІМ. А як-жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішані фатаграфію і аддае Паўлінцы).
ПАЎЛІНКА (прыглядаючыся к фатаграфіі, весела). Вот так добра! Заместа аднаго, маю ўжо двох: аднаго, што сам ходзе да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за... пазухай. (Сьмяецца).
ЯКІМ (любуецца ею, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!
ПАЎЛІНКА (баронячыся). Ну, ну, пятушок! Не гарачыся; пасьпееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты). Марш да дому! Раз, два, тры!...
ЯКІМ (у дзьверах). Помні, Паўлінка — заўтра!... (Выходзе).
Зьява III-ая. Паўлінка (адна).
ПАЎЛІНКА (папраўляе ложак, пасьля прыглядаецца к фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху. Прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? Цёпленька?... Га?... Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўне чуеш, як яно бедненькае трапечацца? Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!... Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана... Пось-