——— 9 ———
ЯКІМ. Праўда, то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.
ПАЎЛІНКА. Ну, дык слухаем вашэці. А вось можа і новую песеньку нам сьпяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую, вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісьці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе — раз, два, ды бухтыль у вір галавою! вось так! (Паказвае і чуць ня валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве).
ЯКІМ. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш — такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як-бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеньнія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы). Эх, эх! І дакуль-жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?
ПАЎЛІНКА (жартабліва). Толькі ня нас, а мяне — трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела, і так лёганька, лёганька на сэрцы, што…
ЯКІМ (з дасадай). Паўлінка!
ПАЎЛІНКА (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ўжо маўчу… як немая рыба.
ЯКІМ (як-бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць на векі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..
ПАЎЛІНКА. Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табою зьлюбіліся. Ну, а бяз таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.
ЯКІМ. Трудна, то яно трудна, але няма таго злога, каб ня вышла на добрае. Хоць-бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе ня ў злосьці, узяліся з табой за рукі, падышлі к яму, укленчылі,