——— 8 ———
ПАЎЛІНКА. Так, так! Вечарынка быць то будзе, але ня ўсе на ей будуць.
ЯКІМ. Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як-бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосьць — ды прыду. Што-ж яны са мною зробяць?
ПАЎЛІНКА. Зрабіць — то нічога ня зробяць, але і ты сам нічога ня зробіш, а толькі праробіш…
ЯКІМ (робячы папяроску). Ці ясьне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?
ПАЎЛІНКА. Ого, скуль такая далікатнасьць? Рукам каля дзяўчыны дае волю бяз пытаньня, а як папяроску закурыць, дык пазваленьня просіць. Не пазваляю за тое, вось і ўсё тут!
ЯКІМ. А я закуру.
ПАЎЛІНКА. А я ня дам! (Кідае шыцьцё і хоча адабраць папяроску. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няумысьле раскідаюць на ложку падушкі).
ЯКІМ (бегаючы). Ну, ужо годзі, годзі, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазваленьня даваць волі ня буду.
ПАЎЛІНКА. Ну, калі так, то згода! (Садзяцца. Якім курыць, Паўлінка шые).
ЯКІМ (памаўчаўшы). Паўлінка!
ПАЎЛІНКА. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?
ЯКІМ. Ды не! Я хацеў-бы, золатца, сур’ёзна з сабой пагаварыць.
ПАЎЛІНКА. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур’ёзнасьці. Перш-на-перш будзе, ці я люблю, пасьля — ці вельмі моцна, а пасьля, ці гатова ўсё чысьценка зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там… і паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці-ж ня праўда?