Старонка:Паўловіч Дунін Марцінкевіч.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выданы слоўны загад (а пасьля і пісоўны) аб забароне спэктакляў на „простонародном языке“. Усё-ж такі ў той дзень, 9 лютага 1852 г., спектакль адбыўся, бо дазваленьне на той дзень было ўжо мясцовай уладай дана, але была толькі нейкая замінка з расклейкаю афішы,—яе меліся зьнішчыць.

Афіша ня была расклеена, яе давялося саматугам разносіць па знаёмых, як запрашэньне. Вестка аб забароне хутка разьнеслася па Менску і дзякуючы гэтаму збор быў нябывалы.

І вось пасьля разноскі афіш некалькі асталося яшчэ на руках, але захавалася ўсяго толькі адна, якая і была мне Я. Васільевым падаравана.

Карыстаючыся выпадкам, хачу адзначыць цікавасьць гатай афішы „Сялянка“ яшчэ і з другога боку. Вядома, што для гэтай опэры „Сялянка“ музыку ўлажыў Станіслаў Манюшка—асабовы прыяцель Марцінкевіча з удзелам композытараў Крыжаноўскага і др.

Композыцыя, на жаль, нідзе не захавалася, страчана, прапалі ўсе сьляды, а разам з тым упала і вера ў тое, што рэч гэта ім, Манюшкай, была напісана.

І вось выпадкова захаваны экзэмпляр афішы пацьвярджае самы факт, які пачынаўся брацца грамадзянствам ужо пад сумненьне.

Аб тым, што мне пашчасьцілася атрымаць рэдкі экзэмпляр афішы, я паведаміў Яна Луцкевіча і Рамуальда Зямкевіча.

Вельмі зацікавіўся тады афішай і кореспондент газэт—„Kurjera Wileńskego“ і „Gońca Porannego“, Дворжачак, які ў абедзьвюх газетах[1] адначасова даў абвестку, што бачыў у мяне афішу, зазначыўшы, што „опэра гэта, здаецца, зусім невядома і ў ніякім сьпісу твораў Манюшкі ня лічыцца“. Між іншым, Дворжачак пасьля прапанаваў мне прадаць гэтую афішу Гэнрыку Опіньскаму (?), які зьбіраў увесь матэрыял, які датыкаўся твораў Ст. Манюшкі.

  1. „Gonec Powanny“ № 496, 1911 r.