Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярод хатак, сярод хмыз.
Што за гукі апаўночы?
Мо‘ каго хто рэзаць хоча?
Чаму неба расквітнела?
Чаму глеба счырванела?
Што за дзіўны нейкі сход?
Куды ймкнецца так народ?
Панскі ўзгорак грае, зьяе,
Нібы ведзьма агнявая.
Сонцам яркім асьвятлёны,
Зьмеем пышным аздаблёны
Панскі дом на тэй гары
Пад пажарышчам зары.
Як удзень, уночы сьветла —
Гэтак цёпла, гэтак ветла,
Варна, нібы сярод лета.
Што за дзіўная прымета?
Панскі дом блішчыць, як жар, —
Гэта бухае пажар…
Асталіся на узгорку
Толькі печ і падмуроўка.
Рэшта нейкім дзіўным чынам
Спапялілася лучынай.
Згінуў сам і пан благі
Ў тым пажарышчы агні.
А назаўтрае па вёсках
Пайшла чутка-пагалоска
Нібы стараста з дачкою
Ўночы панскія пакоі
Падпалілі, уцяклі,
Бо нідзе іх не знайшлі.
Вельмі скора, вельмі хутка
Гэта спраўдзілася чутка,
Як агонь пайшоў гуляці
Над суседнім над палацам,
Як маёнткі паміж сёл
Пагарэлі ўсе вакол.
Доўга помнілі сяляне
Той палац сьляпога пана,
Яго жудасныя балі.
І паны не забывалі
Цэлай панскай грамадой
Дзеда-старасту з дачкой!

Менск, 1918—1922 г.

|}