Далібог, ня доч моя, —
Кажа стараста, — твая!
(Ён за дзьверы прытаіўся,
Як ня трэ‘ было — зьявіўся).
Пан калісь і маю бабу
Да сябе ў камору вабіў.
Ты пакінуў тады ёй
Водсьлед похаці тваёй.
Гадаваў тваю дачку я
І цяпер яе шкадую,
Як над ёй во чыніш зьдзекі
Недастойна чалавеку.
У грудзёх тваіх цяпер
Вые, рвецца дзікі зьвер.
Пан, дастаў ты асьляпленьне
І на вочы й на сумленьне.
Вось цяпер на пана-ката
Надыйшоў і час адплаты.
Я ў граху служыў табе —
Кару знойдзеш праз мяне!
Пан сьляпы ад страху млее,
А дзяўчынка камянее.
Яе стараста сшалелы
За руку выводзіць сьмела,
Пасярод слугоў, людзей
Да хаціны йдзе сваей.
IV
Ноч васеньняя, глухая
Вельмі ціхая, даўгая.
Сьпіць зямелька ў жудкіх чарах,
На нябёсы ляглі хмары.
У ваўнянай паласе
Патанулі зоркі ўсе.
Цьма сьляпым бяльмістым вокам
Абхапіла сьвет шырокі,
Загуляла з цішынёю,
Паплыла над шырынёю,
Ўсе запоўніла куткі,
Пустыры і хмызьнякі.
Чуць шапталіся бярозкі.
Спала поле, спалі вёскі.
Сон з дрымой удвох луналі
Па-над змрочнай, немай даляй,
Сажу сеялі уніз