На аркушы мядзяным неба:
Помста,
Помста,
Помста
За вёскі,
За народ.
Гарыць маёнтак панскі.
Пажарышча рагоча, як вар‘ят…
VI
Гарачы, летні дзень.
У пушчы цень і халадок.
Пахне ягадай, грыбамі
І смалою.
Лепшага няма на сьвеце,
Як у лесе — у глушы
Сядзець грамадай маладой,
Гарачай і адважнай,
І сполах навадзіць на тых,
Хто крыўдзіць люд гаротны.
У любую хвіліну ты гатоў
Змагацца за жыцьцё,
Пайсьці на сьмерць.
Ты нібы на працягнутым
Над бяздоньнем дроце
Скачаш.
Упадзеш — і скончана усё.
Ты чуеш, што жывеш…
Нібы зьмейкаю ў руках,
Сьмерцю і жыцьцём
Іграеш. —
Так думаў Янка,
Седзячы на пні.
Спакойна, з жартамі
Палуднавалі хлопцы.
Раптам нешта шаснула ў кустох…
Прыбег разьведчык:
„Пазнанцы абкружылі лес!“
Ускочылі паўстанцы.
Стрэльбы ў рукі.
Усьміхнуўся Янка.
Ведаў, што жаўнеры ў лес ня пойдуць —
Пабаяцца.
А скуль даведалісь яны,
Дзе мы сядзім? —