цябе, дзьверы яму ты адчыні!.. (Нянька адчыніла дзьверы). Ну, вось ён выйшаў… Цяперака спакойна я засну!.. Дык разбудзі-ж духоўніка!
(Сеў, апёрся аб стол, вялікая паўза. Нянька пастаяла, заламала рукі і выйшла).
Сурынта (устаў, падышоў да яе). Не праклінай мяне, дачушка!..
Кася. Прэч ад мяне!..
Сурынта. Пакідаеш?
Кася. Пакідаю, праклінаю!..
Сурынта. Кругом мяне страшэннае бяздоньне!.. Астатні дажываю дзень!.. Застанься!..
Кася. Ні аднэй хвіліны!..
Сурынта. Ты будзеш гаспадарыць над усім!.. Табе я апішу ўсё!..
Кася. Мне нічога не патрэбна!.. Няхай люд бедны скарыстае, убогай я прыйшла, і гэткаю адыйду!..
Сурынта. О, зьлітуйся над сваім бацькам!..
Кася. Усё кончана між намі! (Пайшла ў другія дзьверы).
Сурынта. Адзін, як пень той у полі!.. Ні сіл, ні блізкае душы!.. Блукаў у жыцьці і не агледзеўся, як на краю пагібелі! Ну, які-ж выхад?! Слуга загінуў верны мой!.. Тры дні як ужо яго няма!.. Ён абяцаў мне прынесьці атруты! (Сеў на лаву; у гэты час ціха вылез з-пад стала аканом і стаў ззаду, пан спалохаўся). Хто тут?!. Хто?.. (Са страху абамлеў).