Сурынта. Стол накрыць і маладзіц да-п’яна напаіць!
Трызна. Тут маладосьць жыве!
Гарбарын. І радасьць, і вясельле!..
Сурынта. Музыкі! Грайце! (Музыкі, апрача Супрона, граюць польку).
Трызна (вылезшы з-за стала). Сьлёзы прэч! (Пачынае скакаць, а пасьля схапіўся за нагу і сеў).
Сурынта (да музыкаў). Грайце вясёлую! Ты, аканом, скачы! (Музыкі граюць, дзяўчаты плачуць, аканом скача). Часьцей, часьцей! У прысядкі! (Аканом пайшоў у прысядкі). Казой, казой! (Аканом стаў ракам, Сурынта сеў на яго, аканом яго возіць). А стары-ж музыка чаму ня грае? (Кажа гэта, седзячы на аканоме).
Супрон (гнеўна). Рука мая адсохні, калі паслухаю цябе! Дзіця маё тут пралівае сьлёзы, а ты загадваеш, каб я іграў!.. Пракляцьце на цябе!.. Пярун забі цябе!..
Сурынта. Ды як ты сьмеў?!.
Супрон. Ня страшна твая кара, ня страшна мне і сьмерць!.. Скажу я табе праўду ў вочы!.. Ты — вырадак з людзей, ты ваўкалак!.. Я праклінаю!..
Сурынта (кінуўся да сьцяны, схапіў пістоль). Заб’ю сабаку! (Але стрымаўся).
Марыся (кінулася да бацькі, засланіла сабою яго). Лепш я памру!
Супрон. Дзеткі, ня застуй лепш мяне ад душагуба!..