сяліць ты нашу грамаду!.. (Чуваць галасы мужчын і кабет за сцэнай і ўсё больш і больш).
Сурынта. Што там за шум?
Аканом. Маладзіц вядуць… Вядома, гаспадары іх ня рады праву пана…
Сурынта. Бач іх!..
Трызна. На раніцы няхай прыходзяць — ад- дамс!..
Гарбарын. А пакуль ноч, то будуць нашы!.. (За акном відаць, як Якун адганяе канчуком народ, і, нарэшце, пераганяе да дзьвярэй трох маладзіц. Шум патроху сьціхае).
Сурынта. А ну-тка, расчыні ты дзьверы як належыць!.. (Аканом расчыняе дзьверы. Увайшлі тры дзяўчыны: Ганна, Параска, Марыся, убраныя ў шлюбнае; усе яны плачуць. Паны-ж радасна рагочуць).
Аканом. Вось гусачкі-сівалапкі!.. А ну, сьмялей, сьмялей да пана!
Трызна. Я пан!
Гарбарын. І я пан!
Трызна. Мне адну!
Гарбарын. І мне адну!
Аканом (падводзіць да пана Сурынты Марысю). А вось і Марыся сінявока!..
Сурынта. Ну, чаго-ж ты засаромілася, як чырвоная калінка?..
Аканом. Сумленная, паночку!..
Сурынта. Пад вянцом стаяла?
Марыся. Стаяла!