Агата. Ну, добра, я сказала, і на сэрцы ўжо куды лягчэй! Даруй-жа мне і лічы мяне сваею аднадумніцаю, якая з табою пойдзе ў агонь! (Пайшла).
Віцька. Якая зьмена! — Агата, такая прыхільніца пана, перайшла цяпер на наш бок!.. Гэта ўцешна!..
Прыбегла Кася.
Кася (радасна). Віця, каб ты ведаў, які добры пан!
Віцька (спахмурнеў). Няўжо добры?
Кася. Ласкава са мною гаварыў і забірае мяне да сабе ў двор!
Віцька. Якая міласьць!
Кася. Я так рада! Так рада!
Віцька. Радуйся!.. Скінеш андарак, надзенеш аксаміты!..
Кася. Я папрашу пана, каб і цябе ён паставіў да лягчэйшае працы!..
Віцька. Не прасі!
Кася. Чаму?
Віцька. Дорага табе будзе гэта каштаваць.
Кася. Не разумею я цябе, Віця!
Віцька. Ты шмат чаго яшчэ не разумееш!
Кася. І чаму ты, Віця, гэтакі злы?
Віцька. Эх, Кася, ня пытайся. (У гэты час, крадучыся, падышоў Сурынта, убачыў і схаваўся за дрэва, зьняўшы стрэльбу з пляча).
Кася. Віця, у чым-жа справа?..