Бутрым. Бач, якая заступніца!
Усе. Змоўкні ты!..
Параска. Пажыла з ім ня так многа, а розуму набралася вунь колькі!..
Віцька. Мала яшчэ паплакала праз яго?
Агата. Ты ня бачыў маіх сьлёз!
Аксіньня. Трохі пачакай, запяеш ваўком!..
Віцька. Прыказка нездарма кажа: хвалі сена ў стагу, а пана ў грабу!..
Агата. Няхай ён жыве! Сьмерці я яго не жадаю!..
Пракоп. Цішэй вы, цішэй!.. Ён зусім блізка!..
Віцька (глядзіць удаль). І сабака рудая сьледам за ім!..
Бутрым. Ды ён-жа без яго ані кроку!..
Пракоп. Ой, відаць злы сёньня пан Сурынта, у зямлю глядзіць і вус круціць!
Параска. Будзе бяда!
Пракоп. А тут загультаілі усе, сена не пасьпелі ў стагі злажыць! На мой горб бяда будзе!..
Бутрым. А што, каб затуманіць пану вочы?!.
Пракоп. Ды чым?
Бутрым. Песьню засьпяваць, а ён сьпевы любіць!
Пракоп. Засьпявайце, дзеткі!
Бутрым. А якую?
Ганна. Ды гэтую новую, што зьбяглянка навучыла нас!..
Бутрым. Цішэй няможна-ж!.. Хочаш, каб такі даведаўся пан?!.