Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 50 —

∗     ∗

Я — кропля вялікага, творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў.

Душа мая — песьня з сьвятога амбону,
Душа мая — краска ад Божай кароны,
Душа мая — водгульле Божага стогну.

А думы — вясны залатой агнявіцы,
А думы — зямлі жыватворчай крыніца,
А думы — лугоў аксамітных расіца.

Жыцьцё маё — сон бога дзіўных Калядаў,
Жыцьцё маё — цень лясуновых прысадаў,
Жыцьцё маё — шэпт чараўнічага саду.

Памру — не памрэ жыцьцедаўчая сіла,
Што дух мой пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.

1922 г.


ПСАЛЬМЫ ПАЎНОЧНЫЯ.

Псальмы паўночныя, — кветкі расістыя —
Сэрца сьмяротнага сьпевы вячыстыя,

Птушкамі лёгкімі зьнізу насіліся,
Ў неба халоднае скрыдламі біліся.

Пчолкі маўклівыя — зоранькі пільныя
Іх сустракалі там цішай магільнаю.

Месяц палохаў іх сном-таямніцаю,
Скрыдлы кадзіліў ім злой агнявіцаю.

Хмары іх вабілі шэрай пуцінаю,
Путалі-блыталі цьмой-павуцінаю.