Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 48 —

На новы лад мэты-жаданьні патомкам жыцьцё ператворыць,
Збудуецца хорам на трупах, жалейка — ад трунаў трухлявых.
Аб нашых стагнаньнях і муках праз процьмы вякоў загавораць,
Шмат казак, шмат песьняў сьпяюць нам, шмат скажуць нам думак цікавых.
Ці людзі скіруюць да сонца з свайго астарэлага шляху?
Палепшаюць? — Старац сталетні і ведаць аб гэтым ня хоча:
Ня любіць пытацца. Пра час свой спакойны ён піша бяз страху.
Над ім кажан скрыдлам цямнявым лапоча.

1915 г.

|}


∗     ∗

І цішыня і змрок спляліся між сабою —
Пад сьвіткаю жуды дзьве варажбіткі ночы.
На скрыдлах кажаноў мільгаюць над ракою,
Глядзяць на сьвет нямы з шкляных савіных вочаў.

З-пад кожнага карча тырчаць агіды-страхі,
Пад заваньню сівой дрыгочуць таямніцы.
А зоркі не пяюць пад цёмна-сінім дахам,
Над борам ня дрыжыць карона зараніцы.

Ў самоце я сяджу пад крыжам пад пахілым,
Я чую стогн зямлі, я чую споведзь маці.
Люблю я ў гэты час туліцца да магілаў, —
Прымусам тайных слоў памёршых выклікаці.

Брыдуць яны, плывуць, як шэраг лятуценьняў,
Як ледзь прыкметны пыл над роснаю зямлёю,
Скажыце мне — Ён ёсьць?.. І нікнуць, таюць цені, —
Маўклівасьць пада мной, маўклівасьць нада мною…

1922 г.