Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗   ∗

З пылаючых квятаў-вагнішчаў,
З крывавых, грымотных ігрышчаў,
З узгор’яў-курганаў сталёвых,
З асілкаў-маякаў дубовых,
З сям’і навальніцаў-віхораў,
З пявучых, міргаючых зораў
Радзіўся прарок.

І словы яго цудадзеюць —
Ад іхніх кадзілаў хмялеюць.
І водгук яго — сполах мора,
Калыша даліны і горы.
І сонечным днём азароны
Магутныя піша законы
Вялікі прарок.

Асеньнім гнілішчам — старое,
Вясновым растком — маладое;
Аджыўшае — совы, кажаны,
Густыя страшныя туманы;
Раджонае — сокалам-птахам
Лунае над горным над гмахам
Віхораў і бур.

Рукой мазалістай, жылістай
І молатам зычным, іскрыстым
Арліныя песьні куюцца;
Гартуюцца, горда пяюцца,
Гудзяць сямёхзвонным мэталам.
Буяюць зварушаным шквалам,
Іх подых — агонь.