Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 18 —


Арэшнік, асіны
Ў лясной глыбіне
Табе таямніцы
Раскажуць свае.

І дуб табе — братам,
І хвойка — сястрой,
І цёткай — бярозка,
І ёлка — кумой.

Па летніку цягне
Бясконца брысьці:
Шмат цудаў у хвілю
Тут можна знайсьці.

1922 г.

|}


∗     ∗

Жар-сонца пячэ. Гарачы дзень вясны.
Стаіць стромкі бор высокім шчытным тынам.
Жывіца-смала па зморшчынах сасны
Цячэ ручайком —растопленым бруштынам.

Прайшоў тут сякач, пакінуў знак на пні,
Параніў на жарт красуню-баравіну; —
І сок, як алей, плыве аж да зямлі,
На верас імчыць з-пад белі сэрцавіны.

І хмеліць смала, і п’яніць сочны пень,
І радасьць бярэ, што пахне так жывіца.
І хочацца ў даль пайсьці ў вільготны цень,
Душой адпачыць пад бульканьнем крыніцы.

1922 г.


НАВАЛЬНІЦА.

Апранута ў лісьцях мядзяных
Гудзіць і рычыць па палянах,
Бушуе і бухае бура.
Прытуліцца моцна да дрэва,
Засьвісьне направа — налева,
Зацягне жалобу хаўтураў.