Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 117 —

«Што рабіці, о, Божа Егова?
Ад паганшчыны дай нам захову!»

І дзесяць юнакаў ліванскіх
Паслалі спаліць страшных ведзьмаў. —
Юнакі назад не вярнулісь.

І дзесяць мужоў спрабаваных
Паслалі забіць шкодных ведзьмаў. —
Мужы там усе засталіся.

І дзесяць сівых вояў божых
Праклясьці паслалі тых ведзьмаў
Ад вояў ні слуху, ні духу.

Пустэльнікаў-постнікаў дзесяць
Паслалі туды на праведкі. —
Ніхто ня убачыў іх болей.

Жрацоў ад харому сьвятога
Паслалі туды паглядзеці. —
Прапалі жрацы, нібы цені.

∗     ∗

Плодзілісь грахі ў краіне,
Як сабачыя грыбы;
Па узгор’ях, па далінах
Сохлі нівы ад журбы.

Нечысьць саранчою-хмарай
Ела старых, маладых:
Сьмерць плыла пякельнай марай
Па сялібах па пустых.

І загневаўся Егова:
«Дзе прарок мой? Дзе мой цуд?»
І насупіў свае бровы,
Азірнуўся туд і сюд.

І рыкнуў, як леў пустэчы,
І раздаўся трубны згук.
Нібы вой у дзікай сечы,
Бог нацэліў сьмертны лук.