Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 105 —

Шмат на гэта трэба змогі, —
Трэба рогі пальцам мерыць,
Бо ня можна воку верыць.
А цялушачка тымчасам
Пазірае набак ласа,
Падымае хвост трубою,
Выгінаецца дугою.
Бярэ радасьць — ня стрымае,
Зараз пусьціцца да гаю, —
Брык і брык — і паляцела.
«Што-ж ты, цёлка, звар’яцела? —
Кажа Янка, і драцянкай
Лясь і лясь пад самым ганкам.
Пуга ляскала удала.
Тут і сучка ня стрымала:
Пстрык — нагой пад вухам чэша,
Як загаўкае, забрэша,
І спрунжынай як заскоча,
Ды здаецца, яна хоча
Цэлы сьвет у міг стрывожыць,
Во’ і Янку заварожыць!
Далібог, заваражыла:
Ён бяжыць, аж трашчаць жылы,
За цялушкай і за сучкай.
Ля варот ратаяў кучка
За бакі бярэцца з сьмеху
І крычыць: «Ды бойся грэху,
Янка, так скаціну мучыць
І сабаку баламуціць!
Ну, і спрыт у падшывальца,
Хоць ня большы ростам пальца!»

Дзякуй Богу, ўжо з скацінай
Брыдзе Янка па лагчыне.
Па расе сьляды ён піша,
А чарот дубцом калыша.
Гляне ў поле, абярнецца
Ды на пушчу засьмяецца:
«Го-го-го» — гушчар рагоча.