Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыцьці — дзякую вам! Успамін аб вас будзе для мяне заўсёды найдаражэйшым клейнотам. Пройдуць гады, і я, капаючыся ў перажытых хвілінах, знайду гэты ўспамін, набожна пацалую яго і зноў схаваю глыбока-глыбока, на самае дно душы маей, каб ніхто ня сьмеў бачыць маё багацьце, каб ніхто ня ўкраў мой скарб — мой успамін аб вас… Але не! Ніхто не ўкрадзе! З памяцьцю аб вас я — падарожны — пайду далей па сваім шляху, хаваючы ў душы пазычаны з неба ясны прамень — успамін. І толькі там, дзе ўжо будзе канец мае падарожы, дух мой сядзе на кургане і аддасьць небу пазычаны прамень…

Вось і ўся казка! — Васіль пайшоў ад вас з сваей „няскончанай драмай“, а я — адыхожу ад вас з драмай скончанай. Я ўжо поставіў пункт… За шалёную мінюту, калі з маіх вуснаў вырваліся гарачыя словы каханьня, — яшчэ раз прашу вас: выбачайце… (ідзе ў свой пакой).

ЯДЗЬКА (слухала яго праз увесь час, як загіпнотызаваная. Пабачыўшы, што ён хоча йсьці, ўстрымоўвае яго клічам): Пане Костусь!

КОСТУСЬ (устрымоўваецца). Што?

ЯДЗЬКА (глядзіць на яго, але нічога ня кажа).

КОСТУСЬ. Мне здавалася, што вы мяне клікалі.

ЯДЗЬКА (бярэ яго за руку і апускае вочы). Драма яшчэ ня скончана…

Заслона.

Канец.

Менск. 1920 г.