Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОСТУСЬ. Ня маю права? Чаму? Той, каму хутка ўжо вечная цемра закрые вочы, хоча спавядацца, а перад кім-жа спавядацца мне, калі не перад вамі, перад вамі, каторая запанавала над маей душой?

ЯДЗЬКА. Я з свайго боку не зрабіла нічога такога, што-б дало вам повад…

КОСТУСЬ. Пані! віной усяму вашы васільковые вочы, каторые, бяз вашага ведама, вабілі мяне кінуцца ў няведамую пропасьць, віной — музыка вашага голасу, што слух мой вабіла як найпрыгажэйшая мэлёдыя, віной — пах вашых валасоў, віной — ваш сум, за каторы я палюбіў вас яшчэ мацней, бо бяздольные бяздольных адчуваюць. Калі крануць струну аднэй з двох наведзеных на адзін тон гітар, дык тая самая струна другой гітары адклікнецца… Гэтак і душы людзей, пані, гэтак і душы…

Цяпер я сказаў ужо ўсё… Цяпер усё толькі ад вас залежыць… Адно ваша слова, — і пачнецца для нас новае жыцьцё! Пані Ядзя!.. (хапае яе за руку і пачынае цалаваць руку).

ЯДЗЬКА (праз увесь гэты час глядзела на Костуся з вялікім дзівам. Цяпер вырывае сваю руку і адыходзіць спалоханая). Што вы? Ды кіньце!.. Што вы робіце! ня трэба!.. я вас баюся…

КОСТУСЬ (пахіляецца перад ёй на зямлю). Не баранецеся, ня бойцеся… Я буду вашы ногі цалаваць, чалом на зямлі ля вашых ног ляжаць, целам сваім усялякіе калючкі на вашым шляху прыкрываць — толькі зьлітуйцеся нада мной! Прытулеце маю змучаную галаву, хай вашы валасы зьмеямі абкружаць шыю маю… (абыймае яе).

ЯДЗЬКА (вырваўшыся). Што вы робіце! Вы ашалелі? — Я ня люблю вас.

КОСТУСЬ (як п’яны). Ах… праўда!.. Вы любіце каго іншага… Я ўзапраўды сёньня як п’яны…