ЯДЗЬКА. Выбачайце, што я такая… з просьбай да вас: пасядзеце тут… крыху.
КОСТУСЬ. Я зараз — толькі вазьму гітару… (выходзе).
ЯДЗЬКА. Адна… адна на сьвеце…
КОСТУСЬ (ўваходзіць з гітараю, бярэ акорды).
ЯДЗЬКА. Пане Костусь! Як вам здаецца: ці Васілёк у Менску знойдзе шчасьце?
КОСТУСЬ. Той толькі здабывае нешта, хто ўмее рызыкаваць. А Васіль рызыкант. Ён, калі-б граў ў карты, патрапіў-бы кінуць ва-банк — ня толькі ўсе свае грошы, а ўсё сваё жыцьцё. А выігравае толькі той, хто ўмее рызыкаваць.
ЯДЗЬКА. Пане Костусь! Як вам здаецца? — Можа гэта я была перашкодай Васілю ў яго жыцьці? Можа я прынесла яму няшчасьце?
КОСТУСЬ. Абое вы былі нешчаслівы — не па сваёй віне.
ЯДЗЬКА. Ужо цямнее… О, Божа! Цяпер усюды сьнег, зіма, а Васілёк, бедны, ідзе адзін праз сьнег… (паўзачка).
КОСТУСЬ (бярэ акорды на гітары і напявае сабе пад нос).
ЯДЗЬКА. Пане Костусь! Я ўспомніла цяпер, што вы калісь казалі нешта аб гіпнозе… Калі я спыталася, хто вас загіпнозаваў — вы адказалі: васількі. Што гэта значыць?
КОСТУСЬ. Вы пытаецеся?.. Няўжо-ж вы ня ведаеце?..
ЯДЗЬКА. Не. Скуль-жа я магу ведаць, калі вы іншы раз гэтак дзіўна гаворыце, недагавараваеце.
КОСТУСЬ. Няўжо-ж узапраўды вы ня ведаеце?
ЯДЗЬКА. Дык кажу-ж: не!