Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬ. Не, і бацькі ёсьць розные. Я благі бацька, я ведаю. Мне здаецца, што ёсьць людзі, якіх мэта жыцьця — памнажыць сваё патомства, і яны, бяз ніякай філязофіі, бяз ніякіх пытаньняў сваім здаровым інстынктам любяць свой прыплод. А іншые стаяць перад фактам паяўленьня на сьвет дзіцяці зьдзіўленые, неспакойные з безадказным пытаньнем у душы: нашто? Дзеля чаго зьявіўся між намі няшчаснымі новы чалавек? Навошта мы паклікалі ў сваю людзкую грамаду новага мучаніка? Нашто?

КОСТУСЬ. Але. Я цябе разумею… Але… Значыцца адна нітка, якая зьвязвала цябе з Вільняй — дзіця — ужо парвалася. Але-ж іншае? Ты-ж тут радзіўся, разам мы тут вырасьлі, няужо-ж бяз жалю кідаеш гэты горад, дзе з кожным каменем на вуліцы, дзе з кожнай цэглай у мурох зьвязаны нейкі ўспамін?

ВАСІЛЬ. Браток! Гэтулькі я тут у апошніе гады нацярпеўся, гэтулькі людзкой подласьці ў адносінах да сябе пабачыў, што хачу хутчэй ужо ўцячы адгэтуль. Праўда, — не бяз жалю. Я гатоў з пашанай цалаваць кожную цэглу ў мурох, абліваць сьлязьмі жалю кожны каменьчык на вуліцы, — але застацца жыць гэтак, як дагэтуль — не магу. Узыходзе сонца мае Бацькаўшчыны і я ляту туды, дзе неба пачынае чырванець на небасхіле, — на ўсход — у Менск. Там узыходзе зара майго новага жыцьця!

КОСТУСЬ. Выбачай, але ты ўсё толькі гаворыш аб сабе… А жонка? Што яна на гэта?..

ВАСІЛЬ. Праўду кажучы, я зусім не спадзяваўся, што Ядзька справу мае падарожы ў Менск прыйме гэтак спакойна. Я думаў, што будуць з яе боку перашкоды, адгаворы, спрэчкі. А яна мне толькі сказала: што-ж? калі тваё шчасьце ў Менску — кажа — ідзі! Я перашкодай табе быці не хачу. Калі там табе будзе добра — кажа — калі захо-