Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хай зьдзекуюцца, цяпер нам ужо ня страшны ніякіе штыхі. Тут мы стогнем пад адным окупантам — немцам, там зьдзекуецца над намі іншы окупант — бальшавік, але пасеянае зярнё ужо ўзыходзе… Воля народная, як тая пружына: чымсь крапчэй яе пацісьнеш, тым сільней яна адскоча. Няхай як найболей робяць нам крыўды, зла, — тым вялікшую злосьць пакінуць яны ў нашых сэрцах. Але, браце мой! чымсь болей крыўдаў, тым хутчэй расплюшчацца вочы народу…

Цяпер, браток, справа вось у чым: трэба нам канешне паслаць ганца з пісьмамі ў Менск. Трэба будзе ісьці пехатой, бо іншага спосабу няма. Дзеля гэтай работы патрэбны чалавек энэргічны, лоўкі і ўсей душой аддаўшыся справе, бо апрача перадачы пісьмаў, трэба будзе ім многа растлумачыць словам жывым. Вось гэтакі чалавек — гэта ты! другога няма. І мы рашылі запрапанаваць табе… Ты падумай і заўтра дасі адказ.

ВАСІЛЬ. Ня трэба думаць: я — пайду!

БАГДЗЕВІЧ. Ну, вось і добра… Аб жонцы і аб дзіцяці тваім мы ўжо паклапаціліся: наш камітэт дасьць ёй невялічкую месячную падмогу. Невялічкую, бо самі ведаеце, што грошай цяпер ёсьць надта мала… Блізка фронту, з гэтага боку жыве адзін наш чалавек — сьвядомы беларус. Глаўнае, каб неяк дабрацца да яго, а там ён ужо дапаможа прайсьці праз фронт. Прыходзь да нас сягоньня ўвечары, аб гэтай справе пагаворым шырэй, абмазгуем увесь плян, а пакуль што, бывай здароў. (Падае руку Васілю).

ВАСІЛЬ. Бывайце…

БАГДЗЕВІЧ (выходзячы, да Костуся). Бывайце здаровы, панок! Аб тым, што вы тут чулі, нікому не кажэце нічога лішняга (выходзіць).

КОСТУСЬ. Можаце быць зусім спакойны.