Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАГДЗЕВІЧ. Што-ж гэта вы з чэмаданчыкам? Можа едзеце да сябе на вёску?

КОСТУСЬ. Не. Перабіраюся на новую кватэру. Чакаю толькі, каб нехта прышоў, бо няма як зрабіць з ключом… А можа хутка й на вёску паеду. Нуда нейкая села на сэрца.

БАГДЗЕВІЧ. Нуда? Багатые людзі, каторые маюць гэтакі збытак у жыцьці, як нуда. Мы людзі бедные, мы гэтакіх роскашаў ня ведаем.

КОСТУСЬ. Людзі, каторых увесь ядыны скарб толькі нуда, можа бяднейшые за вас.

БАГДЗЕВІЧ. Быць можа… быць можа… І гэта праўда. Не зашмат багацьця, калі засталася адна толькі нуда… (Зьмяніўшы тон). Калі, панок, паедзеце да сябе ў маёнтак, дык скажэце мне, калі ласка… Добра?

КОСТУСЬ. А, вы можа хацелі-б паглядзець гэтые паперы?

БАГДЗЕВІЧ. Але, але. Калі пазволіце, дык паедзем разам. Для вас гэтые паперы глупства, старое непатрэбнае сьмяцьцё, страва для пацукоў, а для нас гэта мае вялікую вартасьць, для нас гэта можа скарб. Шаснаццаты век! гм! гм!.. Апрача таго мы думаем наладзіць там блізка вас беларускую школу. Калі-б вы захацелі — маглі-б нам у гэтай справе памагчы.

КОСТУСЬ. Пане Багдзевіч! Вы-ж добра ведаеце, што я да гэтай работы няздатны.

БАГДЗЕВІЧ. Ашукваеце самі сябе, пане Костусь! Калі-б вы толькі захацелі, шмат-бы маглі зрабіць карыснай работы.

КОСТУСЬ. Хэ-хэ-хэ, Божа мой! Чаго вы ўсе ад мяне хочаце? Вось-жа аб тое й ідзе, што я ня маю веры ў карыснасьць гэтай работы. Можа-б я й хацеў мець гэтую веру, так як вы, але я яе ня маю.