Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬ (глянуўшы на яе пальто). Ах, Ядзечка! Ведаеш што? Толькі ты, калі ласка, ня гневайся на мяне… Трэба яму аддаць усё, ўсё да капейкі!.. У мяне ёсьць добры проэкт… Толькі ты, Ядзенька, ня гневайся…

ЯДЗЬКА. Ну што? Кажы!

ВАСІЛЬ. Я прадам тваё пальто. За яго многа дадуць. Я яму кіну ў твар усе грошы, я не хачу быць у матар’яльнай ад яго залежнасьці…

ЯДЗЬКА. Што?! Прадаць пальто?! О, выбачай! Дудкі! Хочаш мусі, каб я йзноў хадзіла, абарвана, як жабрачка. Не, гэтага ніколі ня будзе! Паўлінка мне дала пальто і я табе яго не аддам, каб ты ня ведаю што!.. Э, разумны які! — На службу, якую яму людзі добрые даюць, ісьці ня хоча, а карыстацца чужым дабром, дык ласы. Кабы ты меў алей у галаве, працаваў, як усе іншые людзі, дык-бы мы і ў Костуся гэтулькі не напазычаліся! А цяпер раптам захацелася прадаваць маё пальто! Хэ, бачыш яго!

ВАСІЛЬ. Ах, якая ты подлая, Ядзька!.. Дык слухай-жа: сягоньня (апранаецца) вось зараз-жа іду да мужа Паўлінкі і бяру гэту праклятую службу. Усё зраблю, чаго ты хацела, за што мяне штодня як тупая піла, пілавала. Душу чорту, калі захочаш, аддам, але годзі ўжо гэтых вечных закідаў, гэтага бязупыннага пілаваньня нейкай службай. Вось-жа йду, буду рабіць, як ты хацела, але тады ўжо — годзі маўчы!

ЯДЗЬКА. І добра зробіш. Як будзеш сыты, дык і ляпей будзе пісацца гэтая твая драма.

ВАСІЛЬ. Не! Драма ўжо ніколі ня будзе напісана, нічога ўжо з гэтага ня будзе, калі й ты мяне яшчэ грызеш, дык прападзі ўсё! Усё ў печ, усё! ўсё!! (кідае свае рукапісы ў печ і падпальвае). Хай усё гарыць, хай усё прападае, як прападае маё жыцьце!.. Усё далоў! Цяпер я буду сыты