ўжо, напаліла. Гэта першым чынам, бо-ж тутака была сьцюжа, што нельга было вытрываць.
КОСТУСЬ (занёс сваю гітару і клумак у другі пакой, вярнуўся, закурыў люльку).
СТАРАЖЫХА. І вы тутака таксама жыць будзеце, паночку?
КОСТУСЬ. Але. Я вось у гэтым пакоі, а яны тут.
СТАРАЖЫХА. Цяпер панства мусіць па службе, — служаць недзе?
КОСТУСЬ. Зараз прыдуць з бальніцы. Ягоная жонка ляжала ў бальніцы.
СТАРАЖЫХА. Вось як! Пані хворая, значыць?
КОСТУСЬ. Але.
Зьява 4.
ТЫЕ-Ж і ДАМАУЛАСЬНІК.
ДАМАУЛАСЬНІК (уваходзіць). Добры дзень!
КОСТУСЬ. Добры дзень!
ДАМАУЛАСЬНІК. Вось ужо значыцца і ўстрайваецеся, паночкі, на новай кватэры?
КОСТУСЬ. А вось ужо мала-што ня ўсё перанесьлі. Дзякаваць Богу, недалёка, перабрацца ня трудна.
ДАМАУЛАСЬНІК. Але, бо каб прыйшлося наймаць фурманку, дык дорага каштавало-б. Цяпер фурманка рэч дарагая (хітра)… А чаму вы пераехалі са старой кватэры, калі можна спытацца? Нядобрая была?
КОСТУСЬ. За вялікая. Шмат апалу ішло.
ДАМАУЛАСЬНІК. Тут кватэра добрая, сухая, цёплая.