Старонка:Неапублікаваны твор В. Дуніна-Марцінкевіча.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На версе гэтай-жа старонкі подпіс на рускай мове: «От сочинителя Марцинкевича. Г. Кукольнику, 23 июня 1858 г.» На старонках 7 - 14 змешчана прадмова аўтара, у якой ён гаворыць аб ранейшай сваёй літаратурнай дзейнасці. Гаворачы аб прычынах, у сілу якіх ён пачаў пісаць мастацкія творы, Дунін-Марцінкевіч кажа, што імі з'яўляецца любоў да народа, жаданне асветы народу і добрае знаёмства з бытам народа. У гэтай-жа прадмове аўтар гаворыць і аб кампазіцыі вобразу Халімона. Трыццаць шэсць старонак сшытку, на якіх змешчаны «Быліцы», маюць подпіс цэнзара: «Цензор Павел Кукольник». На трыццаць сёмай старонцы такога подпісу няма.

На старонках 66-124 змешчана паэма „Chalіmon na karanacyі. Яе загаловак перакрэслены, і закрэслены першыя дзве старонкі. На старонцы, дзе знаходзіцца перакрэслены загаловак, зроблен надліс: «Эта вся статья не может быть пропущена, а потому её должно исключить. Цензор П. Кукольник». Такім чынам паэма «Халімон на каранацыі» была забаронена цэнзарам, але прычыны забароны нам невядомы.

Вось так выглядаў сшытак, у якім былі змешчаны публікуемыя ніжэй творы В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1929 г. з лацінскага пісьма гэтых твораў Дуніна-Марцінкевіча была зроблена копія кірыліцай, якая знаходзіцца ў нас. Некалькі аркушаў рукапіснай копіі «Быліц» згублена намі ў часы блакады Ленінграда. Рэшту друкуем na сучаснай арфаграфіі.

Арыгіналы В. Дуніна-Марцінкевіча да Айчыннай вайны захоўваліся ў архіве Акадэміі навук БССР і, мабыць, загінулі, як загінула шмат велізарнейшай каштоўнасці рукапісных дакументаў.

Л. Бэндэ.