Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дыхае густою, белаю і сьцюдзёнаю, параю. Мыцца яго вадзіцаю было дужа прыемна.

13 верасьня.

Учора, 12-га верасьня, пасьля паўдня, на падворку хутара, ля хаты, гледзячы на ўсход сонца, прыняў я прысягу „на вернасьць цару і ацечаству“. Даволі мізэрненькі вайсковы попік, не маладых лецяў, пасьля кароткай процэдуры, шчыра ці ня шчыра расчуліўся, абняў і пацалаваў мяне, вітаючы „высокім званьнем воіна яго імпэратарскага вялічаства гасудара імпэратара Нікалая Аляксандравіча, нашага добрага, кроткага цара-бацюшкі“… Калі ён гэта ўкладаў, я чамусьці ўздумаў на наш народны погляд на прысягненьне, як баіцца наш селянін усякае, самае страшнае, кары за зламаньне прысягі. Аднак, бывае, прысягаюць і фальшыва…

Да гэтага часу я служыў бяз прысягі, як „малады салдат“.

Учора-ж мяне наградзілі і першаю нашыўкаю (быў кананір, зрабіўся бамбардзір).

— Будзь стоек у баі і міласьціў к ворагу! — казаў мне добры попік.

„Буду… мне цяпер усё-роўна“.

Хадзіў потым за камандзірам батарэі з бусольлю. Ён выбіраў лепшую пазыцыю. Калі вярнуліся назад, камандзір убачыў, што батарэйная прыслуга аднаго арудзьдзя, замест паляпшаць бліндажы, сьпіць у будцы з вецьця пад дрэвам (батарэя стаяла пад лесам). Ён пацягнуў бліжэйшага за ногі, і калі той усхапіўся заспаны, з усяе сілы бэцнуў яму по ўху.