нават малако, белы хлеб, яблыкі. Салдаты пры гэтым паказваюць скандальную прагавітасьць.
Пасьля паўдня чуецца гул ад гарматнай страляніны. Заўтра бой?
На прывале ў м. Грос Энгэляў я бачыў, як у пакінутай нямецкай хатцы, пад саламянаю страхою (што тут нязвычайнае дзіва, бо найболей дахі чарапковыя), салдаты нашай батарэі параскідалі, параскідалі ўсё-чыста і кінджаламі ламалі вялікую скрыню, дужа цяжкую, брудную. Ніяк не маглі зламаць замка. Я абазваў іх сьвіньнямі і хуліганамі, марадзёрамі, і сароміў іх, а ім хоць-бы што. Аблаялі мяне парасійску і назвалі „вольнашляючым“ (ад „вольноопределяющийся“ — вольнапісаны). Я кінуў іх і пашоў з гэтага пярэдняга пакою ў чысьцейшы пакой; там на палічцы ляжала грубая кніга ў дарагой вокладцы. Я разгарнуў — і на першай старонцы ўбачыў Вільгельма ўва ўсёй яго каралеўскай і імпэратарскай годнасьці і пышнасьці. Нейкае зло мяне ўзяло, і я ўнізе да подпісу дадаў крыжык і паставіў „1914 год“, што мела азначаць сьмерць яму ў гэтым годзе. Прышоў я на батарэю, гляджу: аж нясуць мне мае грамілы тую самую кніжку, каб я ўзяў сабе і ўлашчыўся. Але я ня ўзяў. Яны пасьмяяліся і аддалі кніжку нашаму кашавару на падтопу.
15 жніўня.
Едзем далей. Па дарозе часьцей а часьцей прыгожыя гайкі. На прыгрэтай траўцы стрыкаюць і зьвіняць конікі-скакунцы. У халадку прыемная раса…