Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Першы раз начаваў, я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефоністыя, паставілі сабе на-нач маленькую будачку-палатку.

Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў… прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сьцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць… Бег, бег… дзе-ж парваўся дрот? Быў я ў шынэлі, з левальвэрам і кінджалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі зьвязваць дрот і абкручваць яго ізоліроўкаю. Я замарыўся — і, балазе, угрэўся, бо спаць было трошку сьцюдзенавата.

Як ішоў ціха назад — агледзеўся. Месяц. Ядраны. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на сьвеце!

Потым я ізноў лёг і смачна спаў, бяз ўсякіх перашкод і бяз трывогі ў сэрцы.

Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор‘ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол позыцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў зялезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне — хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касьцельнымі вежамі мясьцечка. Ад Нёмна ўгару, па равох і курганох — лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.