Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ляжыць адзін дужа тыповы служака, унтэр-афіцэр з трыма георгіеўскімі крыжамі, якія заўсёды прышпілівае на халат, і ходзіць і ляжыць у халаце ад самае раніцы да познага вечара, аж пакуль разьдзявацца нанач. У яго бравы салдацкі выгляд, валасы на галаве каротка абстрыжаныя і сьпераду стаяць ежыкам, а бялявыя вусы — старанна падкручаныя, быццам шыльцы. Як і ўсе такія салдаты. гэрой, між іншым, выстаўляецца перад другімі пехацінцамі сяброўствам з артылерыстамі і сваёй вольнасьцю з казакамі.

Калі ў наш шпіталь прывезьлі маладога панурага казака, віхрастага блёндына з адсечанымі пальцамі на правай руцэ, і калі ён пачаў пасьля апэрацыі хадзіць у вялікую палату гуляць у шашкі, гэрой заўсёды, як толькі пакажацца ў дзьвярох даўгая віхрастая постаць і перад ёю абкручаная белым рука на падвязцы, голасна і тэатральна крычыць яму:

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

Казак — маўклівы, пануры дзяцюк, і гэтая акалічнасьць трохі асаджвае гэроя назад на ложка. Аднак, усеўшыся як мае быць для даўжэйшае размовы і паправіўшы аднэй рукой халат свой і крыжы (другая па локаць адрэзана), ён пачынае столькі гаварыць, што пасьпявае і за сябе й за казака. Розных гісторый для бяседы назьбіраў ён за час вайсковага жыцьця вялікі запас. Праўда, некаторыя, што найболей яму да спадобы, пераказаў ў гэтым шпіталі па колькі ўжо разоў, але ўмее, калі хоча, пацешыць грамаду, сплясьці заўсёды што-што і новае.