другую, а я таксама выйду за патрэбай, каб перастаў балець жывот.
A сястрыца Пудра прыхінулася на ўскрайчык майго ложка, паглядзела на мяне сьмяшлівенька-прычэпліва, гуляючы са мною вочкамі, і паважна заўважыла:
— Вы павінны цяпер запісаць у гэтай кніжачцы фаміліі ўсіх нашых сёсьцер.
— Ведаеце, кніжачка такая аляганцкая, што неяк шкода яе пэцкаць… — бухнуў, не падумаўшы, ці можна так казаць.
Сястра пакрыўдзілася дужа. І пашла. А ў мяне і ў думцы ня было яе крыўдзіць. Было прыкра за мімавольнае прастацкае слова. „А… сказаў, дык і сказаў!“ Укрыўся коўдраю, падцягнуў пад саменькі жывот здаровую нагу, адвярнуўся ад сьвятла і сьцішыўся.
Выхадзіць — не хацелася ўжо турбацца, пастанавіў, што боль і так пяройдзе, за ноч бруха памякчэе.
На тым і задрамаў, падумаўшы толькі: „А ўсё-ж я дужа яшчэ хворы“.
XXXIX
— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?
У вялікую палату, дзе месьцяцца здаравейшыя, хадзячыя, любяць усе схадзіцца з розных палат. Там часта бывае бяседа. Кожны стараецца пераказаць якую-небудзь забаўную гісторыю ці пасьмяшыць усю кампанію якім-небудзь жартам. Там-жа