кірунак на батарэю; або раней, удзень, са зьмяйковага аэрастату прымеціў, што людзі тут ходзяць, бо хадзілі пехацінцы з батарэйнага прыкрыцьця, і нашы батарэйцы насілі салому ў зямлянку „гарохам“. Раптоўна, ані з тога, ані з сёга, толькі канчаўся дзень, толькі ўжо цямнела — бухнула па нас першая граната… Блізюхтанька ад батарэі, у самае балота. Зараз яшчэ, яшчэ, пералёт, недалёт, узяў „у вілку“, засмаліў…
— Намяры ў равочкі!! — крычыць першы раз такім аглашоным голасам капітан Фядотаў. Намярамі завуцца салдаты пры арудзьдзі, бо праца іхная разьмяркована па нумарох. І я заўважыў адным вокам, збоку і зьнізу, бо ўжо ўкінуўся ў акоп, як і капітанавы ногі беглі хавацца. Мусіць, усе тым часам пахаваліся, бо капітан Фядотаў заўсёды хаваецца апошні. На батарэі стала мёртвая ціша, свая, наша, а ў ёй гкрэхала чужое…
Мы сядзелі ў акопе, — я і Беленькі, а Пашын не пасьпеў і ўкаціўся недзе ў акоп першага ці другога арудзьдзя, бліжэйшага да нас, — сядзелі і са страхам прыслухваліся, як дрыжыць пад намі зямля ад удараў. Ізноў чуем, як некалькі знарадаў лягло перад батарэяй, некалькі адзаду ў яе. „Папраўляе вілку“, варушыцца прыгнечаная думка. Потым страшэнныя разрывы абы-дзе, а ўсё на батарэі. Грукат жудасны і бязупынны. — „Беленькі, што ты цяпер думаеш?“ — неўспадзеўкі для сябе самога пытаюся, каб хоць трохі разьвеяць страх. — „Думаю: сюды, сюды, у нас кахнець“, — адказвае Беленькі, і вусны яго вароча-