7 кастрычніка.
За дзень батарэяй выпушчана 37 гранат і 93 шрапнэлі. Усё на сьвеце дрэнна.
8 кастрычніка.
Сяньняшняй начою на дрэве ля пажарышча (дзе быў раней хутарок, і мы хадзілі абагравацца) задавіўся на рамні ад карабіна яўрэй, дабраволец з пяхотнага прыкрыцьця нашае батарэі. Ува ўсіх цяжка і брыдка на душы. У прыкрыцьці чалавек пяцьдзесят, і я гэтага дабравольца раней, на жаль, не заўважыў. Ды яны-ж там і мяняюцца часта. Салдаты наогул страшэнна ня любяць дабравольцаў. Заўсёды дражняць: „Дабраволец… за дзень да прызыву запісаўся“. Можа й тут зьдзекі таварышаў былі аднэй з прычын самагубства? Ніхто нічога ня ведае. Адзін наш батарэец — кастраміч злаяў беднага самагубцу так: „Лахудра… вошы заелі“. Беленькі маўчыць, і я маўчу. Яшчэ зусім малады хлопец, з інтэлігентным, як відаць, тварам, а цяпер страшна й брыдка на яго глядзець. Згінуў. Шкода, цяжка, няпрыемна… Ня хочацца болей пісаць.
XXIV
9 кастрычніка.
18-ты дзень тут… Учора ўсё гаманілі, што замірэньне скора будзе, не пазьней 25-га гэтага месяца. Ну й даў немец замірэньне, што й языкі ў гаманіўшых сьцяла… Змрокам, калі наш камандзір разьюшыўся і стаў пускаць „два патроны, беглы агонь“, немец падгледзеў, мабыць, бліск ад стрэлу і схапіў