Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прад яго вачыма на міг вывесілі нейкі многавобразны, але пераблутаны малюнак. І яшчэ адна зьява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта сьмерць камандзіра іх батарэі. Яна, дапраўды, варта таго, каб яе адзначыць.

Бой, што называецца, кіпеў. Адны рады байцоў скошваліся, іх месца заступалі новыя і новыя рады-ланцугі.

Дзянікінцы лезьлі назойліва, лезьлі ўпарта, як раненыя драпежныя зьвяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая позыцыя, якую займалі чырвоныя, была нязвычайна важна.

Батарэя, якою камандваў быўшы афіцэр, штабс-капітан Ваганаў, — чалавек нязвычайнае моцы душы, пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Сюды, на гэту батарэю, быў наведзен агонь трох бранявікоў і палявое батарэі. Але Ваганаў так умеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўнікаў не рабіў ніякае шкоды. К рашучаму моманту бою былі растрэлены ўсе снарады, і гэта батарэя была прымушана змоўкнуць.

— Братцы! — сказаў тады Ваганаў салдатам: — цяпер тут няма чаго рабіць. Трэба выратаваць гарматы!

Але дзянікінцы былі ўжо блізка і некалі было вывозіць гарматы. Перапалоханыя чырвонаармейцы кінуліся наўцекі.

— Прашчайце, таварышы! — гукнуў ім Ваганаў, а сам сеў на гарачае яшчэ цела гарматы.

Сеў, выняў партабак і закурыў. Сядзіць спакойна, аб чымсі думае і пускае тонкія клубочкі сіняватага дыму. Разьяраныя афіцэры-карнілаўцы ўварваліся на батарэю. Бачаць — на гармаце камандзір сядзіць, курыць, кудысь у прасторы глядзіць і іх не прымячае.

— Вы — камандзір батарэі?

— Я, — спакойна адказвае той.

— Вы прымушаны былі так метка страляць, ці вы гэта рабілі ад чыстага сэрца? — злосьмешна запытаў карнілавец.

— Мяне ніхто ня можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваганаў.