Старонка:На паняволеных гонях (1928).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раз токар Васіль, што век вечны
На фабрыцы рукі мазоліў,
Хоць чуў у нутры голас спрэчны,
Рабочую праўду зьняволіў.

Рашыў ён, што лепш, калі кіне
На ўслугі працоўную сілу
Не пролетарыяту, машыне,
Каб іх барацьба пабядзіла.

Рашыў фабрыканту прадацца,
Служыць інтарэсам багатых.
Сваю і варштата моц-працу
На іхнюю роскаш усватаў.

Ня слухаў народ, прасьцярогаў
Байцоў за яго-ж вызваленьне.
Казаў, што нічога тут злога
Грош лішні прыдбаць у кішэню.

За токара чорны ўчынак
Страшэнны прысуд учыніла
Над сынам прадажным машына —
Па локаць руку адкруціла.

Заенчыў Васіль не ад мукі,
А з долі якая чакае:
Нічога ня варта ён бязрукі,
Сямейка-ж і так галадае.

Хіба фабрыкант на пачатак
Паможе ў бядзе мала-веле.
Бо брат наш тут толькі прыдатак
К рабочым рукам-карміцелькам.